Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…”


8 красавіка 2021 года ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…”, прымеркаванай да 110-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Васіля Віткі.

Кожны беларус з маленства ведае казкі “Вавёрчына гора”, “Казка пра цара Зубра”, “Азбука Васі Вясёлкіна”, а многія ў дзяцінстве з нецярплівасцю чакалі чарговы нумар часопіса “Вясёлка”. “Як звязаныя гэтыя рэчы?” – запытаецеся Вы. Цімох Васільевіч Крысько, больш вядомы пад псеўданімам Васіль Вітка, яднае гэтыя выданні.

Васіль Вітка (1911-1996) – пісьменнік шматграннага таленту. Праявіў сябе як паэт, празаік, драматург, перакладчык і публіцыст. Але найбольш вядомым і прызнаным ён стаў як дзіцячы пісьменнік.

Экспазіцыя “Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…” прадставіць творчую індывідуальнасць Васіля Віткі праз яго творы і гісторыю першага часопіса для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў Беларусі “Вясёлка”. Васіль Вітка быў галоўным рэдактарам “Вясёлкі” ад заснавання часопіса ў 1957 годзе да 1974 года.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…” прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў, у тым ліку сем’ям з дзецьмі. Выстава будзе дзейнічаць да 19 верасня 2021 года.

У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” пісьменнік Уладзімір Ліпскі, загадчык дзіцячай бібліятэкі №6 імя Васіля Віткі Тамара Патук, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” пісьменнік Віктар Шніп і іншыя.

Падчас адкрыцця наведвальнікі з дзецьмі атрымаюць бяплатны нумар часопіса “Вясёлка”. Акцыя будзе дзейнічаць да 15 красавіка ўключна. Спяшайцеся!!! Чакаем!

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13).

Кантактны тэлефон: (017) 363-56-21, (017) 395-44-47.

1418