
25 верасня 2025 года - 260 гадоў з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага - выдатнага кампазітара, дзяржаўнага, грамадскага і культурнага дзеяча. Нарадзіўся ён 25 верасня 1765 года ў Гужуве непадёк ад Варшавы.
З 1802 года Міхал Клеафас Агінскі пасяліўся ў даўнім родавым маёнтку Залессе. Тут ён пражыў 20 гадоў. Менавіта ў Залессі і быў напісаны знакаміты паланэз "Развітанне з Радзімай", які больш вядомы як паланэз Агінскага. (Па іншай версіі, паланэз быў напісаны ў 1794 годзе).
У 1823 годзе Агінскі пераехаў у Фларэнцыю, дзе і правёў апошнія гады свайго жыцця. Яму пашчасціла асабіста ведаць Гайдна і Моцарта, слухаць Паганіні і іншых віртуозаў.
Тут, у Фларэнцыі, у час свайго падарожжа па Еўропе, Адам Міцкевіч разам з Антоніем Адынцом у 1829 і 1830-м гадах некалькі разоў наведваў Міхала Клеафаса Агінскага.
Адынец пісаў, што ён (Адам) «... з вялікім задавальненнем слухаў у выкананні кампазітара яго паланэз «Развітанне з Радзімай», і яго даўнія польскія анекдоты”. Агінскі часта чытаў яму на італьянскай мове ўрыўкі з «Фларэнційскіх гісторый» Макіявелі. Гулялі ў шахматы.
Памёр Міхал Клеафас Агінскі ў Фларэнцыі ў 1833 годзе. Сёння яго пахаванне знаходзіцца ў Пантэоне выдатных асоб у фларэнтыйскай царкве Санта Крочэ (Святога Крыжа) побач з Галілеа Галілеем, Мікеланджэла Буанароці, Джаакіна Расіні, Дантэ Аліг'еры і іншых дзяржаўных дзеяачў, мастакоў і навукоўцаў.
Адзначым, што памяць пра М.К. Агінскага ўвекавечана і ў Беларусі - помнік у Маладзечне, вуліцы ў Навагрудку, Мінску, Гродне і Ждановічах, паштовая марка (1994) і манета (2011). Фрагмент шостага такту паланэза «Развітанне з Радзімай» намаляваны ў калажы на рэверсе банкноты наміналам 50 беларускіх рублёў 2009 года.
У яго былым родавым маёнтку ў Залессі (Смаргонскі раён) працуе музей.
У фондах Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку ёссць некалькі кніг аб Агінскім, а ў экспазіцыі музея змешчаны яго партрэт.